...

МАЛІТОЎНЫЯ ЗВАРОТЫ ДА СВЯТОГА ЮЗАФА

Гамілія на дзень святога Юзафа

     Пасля Маці Божай святы Юзаф – гэта найбольшы святы ў небе. Пакорлівы цясляр з Назарэту – па (атрыманых ?) ласках і благаславеннях перавышае патрыярхаў, прарокаў, святога Яна Хрысціцеля, святых Пятра і Паўла, іншых апосталаў, святых мучанікаў і доктараў Касцёла.

     У першай Эўхарыстычнай малітве ён займае першае месца пасля Найсвяцейшай Панны Марыі. Хрысціяне ва ўсе часы прасілі апекі ў гэтага святога.

Сведчыць пра гэта літанія да святога Юзафа, у якой шчодра пералічваюцца прывілеі святога: слаўны патомак Давіда, святло патрыярхаў, апякуне Багародзіцы, прачысты апякун Панны, узор працуючых, аздоба сямейнага жыцця, апякуне паннаў, апора сем’яў, суцяшэнне няшчасных, надзея хворых, апякуне паміраючых, пострах злых духаў, апякуне Касцёла святога.

     Евангелле ад святога Мацвея (раздзел 1, 20-21) падае, што Анёл Пана звярнуўся да гэтага праведнага чалавека ў сне: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, і дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад ягоных грахоў».

     Слуга Божы Папа Ян Павел ІІ у адгартацыі Аб місіі святога Юзафа напісаў, што ў гэтых словах заключаецца цэнтральны момант біблійнай праўды аб святым Юзафе.

Анёл звяртаецца да Юзафа, як да мужа Марыі, да таго, хто дасць імя Сыну, якога народзіць Панна з Назарэту, заручаная з ім. Звяртаецца да Юзафа, давяраючы яму заданне зямнога бацькі ў адносінах да Сына Марыі. Святы Юзаф паказаў прыклад гатоўнасці волі, – так, як Марыя, – адносна таго, што пажадаў ад яго Боскі пасланец.

     Так, як Марыя, Юзаф быў адданы Богу. Як навучае Сабор: «Богу, які аб’яўляецца, належыць аказаць паслушэнства веры, ... праз якое чалавек па вольнай волі давяраецца Богу, аказваючы поўнае адданне розуму і волі Богу, які аб’яўляецца» (Канстытуцыя аб аб’яўленні Божым Dei verbum, 5).

     Бог выбірае святога Юзафа сужэнцам Марыі, каб забяспечыць для Езуса бацькоўскую апеку. Адсюль вынікае, што бацькоўства з’яўляецца той сувяззю, якая найбольш яднае з Хрыстом – вяршыняй кожнага абрання і прызначэння.

Евангеллі, хоць выразна сцвярджаюць, што Езус быў зачаты ад Святога Духа і ў гэтым сужэнстве было захавана дзявоцтва, называюць Юзафа сужэнцам Марыі, а Марыю – сужонкаю Юзафа.

     Разважаючы над істотаю сужэнства, святы Аўгустын і святы Тамаш бачаць яе нязменна «у непарыўнай лучнасці душ», у еднасці сэрцаў і ўзаемнай згодзе, гэта значыць, у тым, што прыкладна аб’явілася ў сужэнстве Марыі і Юзафа.

     На парозе Новага Запавету, як калісьці на парозе Старога, пастаўлена пара сужэнцаў. Толькі з вялікай адрознасцю. Калі сужэнства Адама і Евы стала крыніцай зла, якое агарнула ўвесь свет, то сужэнства Юзафа і Марыі становіць вяршыню, з якой святасць ліецца на ўсю зямлю. Збаўца распачаў справу збаўлення ад дзявочай і святой уніі, у якой аб’яўляецца Яго ўсемагутная воля ачышчэння і асвячэння сям’і – санктуарыя любові і калыскі жыцця.

Сям’я атрымлівае місію варты, аб’яўлення і перадачы любові, якая з’ўляецца жывым адлюстраваннем і сапраўдным пераказам любові Бога чалавецтву і любові Хрыста Пана Касцёлу, Яго Абранніцы. У Святой Сям’і цудоўным намерам Божы Сын жыў ... скрыты доўгія гады: таму Святая Сям’я дае ўзор і прыклад усім хрысціянскім сем’ям.

     Бог прызваў святога Юзафа, каб непасрэдна служыў асобе і пасланню Езуса, выконваючы абавязкі бацькі: такім чынам Юзаф мае ўдзел у поўні часу ў вялікай Таямніцы Адкуплення і з’яўляецца сапраўды «слугою Збаўлення». Яго бацькоўства праявілася канкрэтна ў тым, што з «свайго жыцця ён учыніў служэнне, склаў яго ў таямніцы Ўцелаўлення і звязанай з ёю місіі Адкуплення, і сапраўды з’яўляецца слугою Збаўлення».

Ён паслугоўваўся ўладай, якая яму належала ў Святой Сям’і, каб прынесці поўны дар сябе, свайго жыцця, працы; Юзаф перайначыў сваё мужчынскае пакліканне да сямейнай любові, перайначыў у ахвяру, якая перавышае чалавечыя сілы, перайначыў у ахвяру свайго сэрца і ўсіх здольнасцяў у любоў, аддадзеную на службу Месіі, які рос ў ягоным доме.

     Літургічная малітва прыпамінае, што Бог даверыў маладосць нашага Збаўцы вернаму вартаўніку і абаронцу – святому Юзафу, і дадае: «як вернага і разважлівага слугу паставіў над сваёю сям’ёю, каб распасцёр апеку над ... Адзінародным Тваім Сынам».

Святы Лявон ХІІІ-ы падкрэсліў узнёсласць місіі святога Юзафа: «Ён перавышае ўсіх людзей сваёю пасадаю, таму што па Божым распараджэнні быў апекуном Божага Сына, а ў перакананні акружэння, яго бацькам. Натуральным вынікам было тое, што Адвечнае Слова святому Юзафу з пакорай было падданае і аказвала яму пашану, якую павінны аказваць дзеці сваім бацькам».

     Але таксама «Юзаф моцаю асаблівага дару Нябёсаў акружаў Езуса натуральнай любоўю і клопатам, якія могуць нарадзіцца ў сэрцы бацькі».

Юзаф быў тым, хто адказваў за парадак пры нараджэнні Пана, яго заданнем быў клопат увесці ў свет Сына, захаваўшы Божыя наказы і правы чалавечай супольнасці. Усё так званае асабістае альбо скрытае жыццё Езуса было даверана бацькоўскай апецы Юзафа.

Узрастанне Езуса ў мудрасці, у ласцы, Яго сталенне адбывалася ў асяроддзі Святой Сям’і пад апекай святога Юзафа, на якім ляжала ўзнёслае заданне выхавання, гэта значыць клопат пра сілкаванне і апрананне Езуса, пра навучанне Яго Праву і рамяству, – згодна з абавязкамі, якія належаць бацьку.

     У літургіі, у прэфацыі, Касцёл успамінае «найперш поўную хвалы Марыю, заўсёды Панну... а таксама святога Юзафа, таму што ён жывіў Таго, якога вернікі мелі спажываць як Хлеб вечнага жыцця».

З свайго боку Езус быў ім адданы, пашанай аддзячваючы за клопат свім бацькам. Такім чынам Ён хацеў падкрэсліць святасць сямейных абавязкаў і працы, якія выконваў пры святым Юзафе.

     На сваім жыццёвым шляху, які быў пілігрымкай веры, святы Юзаф да канца застаўся верным Божаму прызванню. Юзаф у момант свайго «Звеставання», не прамовіў ніводнага слова, а толькі ўчыніў так, як яму сказаў Анёл. І гэта першае «учыніў» засталося пачаткам шляху Юзафа. Падчас усяго гэтага шляху Евангелле не запіша ніводнага ягонага слова. Але маўчанне Юзафа мае вялікае значэнне: праз гэта можна зразумець праўду, якую заключае евангельскае азначэнне: «муж справядлівы» (Мц 1, 19).

     Касцёл з асаблівай пашанай адносіцца да Святой Сям’і, бацька ў гэтай сям’і – Юзаф. Гэтае бацькоўства не паходзіць з народзін Сына, але яно таксама не «ўмоўнае» альбо толькі прыёмнае... Яно мае поўную вартаснасць, місію бацькоўства.

Духоўнае жыццё, Ахвяра, якую склаў Юзаф са свайго існавання, каб годна прыняць Месію ў сваім доме, знаходзіць сваё вытлумачэнне ў незразумелым нам да канца яго духоўным жыцці, якое кіравала ягонымі дзеяннямі і было для яго крыніцай радасці. Гэта з духоўнага жыцця Юзаф чэрпаў развагу і сілу – ўласцівую душам простым і шчырым – для сваіх важных рашэнняў, як тады, калі без вагання, падпарадкаваў сваю волю Божым намерам, сваё права да паклікання чалавека, сваё сужэнскае шчасце – выяўляючы згоду прыняць у сям’і вызначанае сабе месца і цяжар адказнасці і адначасова адданасці Богу.

     Гэтая адданасць Богу, якая выяўляецца ў гатоўнасці волі, каб прысвяціць сябе Яго служэнню, не што іншае, як практыка пабожнасці, як праяўленне дабрадзейнасці і рэлігійнасці.

     Бацькоўская любоў Юзафа, безумоўна, уздзейнічала на сыноўнюю любоў Езуса і наадварот – сыноўняя любоў Езуса ўплывала на айцоўскую любоў Юзафа; як змераць глыбіню такой адзінай у сваім родзе лучнасці? Душы, асабліва падданыя на ўздзеянне Божай любові, справядліва бачаць у Юзафе светлы прыклад духоўнага жыцця.

Папа Лявон ХІІ тлумачыць, што Юзаф «быў сужэнцам Марыі і людзі лічылі яго бацькам Езуса.... Юзаф быў законным і натуральным ахоўнікам, апекуном і абаронцам Святой Сям’і... Таму перад усім Юзафу належыць, нябеснай моцай сцерагчы і бараніць Хрыстовы Касцёл так, як найбольш сумленна калісьці сцярог ён Сям’ю з Назарэту тады, калі гэта было патрэбна».

     Касцёл свае патрэбы перамяняе ў малітвы. Узгадваючы, што Бог даверыў маладосць нашага Збаўцы вернай апецы святога Юзафа, Касцёл просіць Юзафа, каб дазволіў верна супрацоўнічаць у справе збаўлення, каб даў яму такую вернасць і чысціню сэрца, з якою Юзаф служыў Уцелаўлёнаму Слову, каб Касцёл, праз пасрэдніцтва і заступніцтва святога Юзафа, наследуючы прыклад ягонага жыцця і вернасці, ішоў Божай дарогай святасці і справядлівасці.

Гістарычныя крыніцы не падаюць падрабязных дадзеных пра Юзафа. Вядома толькі, што паходзіў ён з роду Давідавага. Памёр ён яшчэ да таго, як Езус распачаў публічную дзейнасць.

      З першых стагоддзяў хрысціянства культ святога Юзафа быў вельмі вялікі, асабліва на Усходзе. Свята Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, было ўстаноўлена ў 1621 г.

     8 снежня 1870 г. Папа Пій ІХ урачыста абвясціў святога Юзафа апекуном усяго паўсюднага Касцёла, з таго часу дзень 19 сакавіка стаў асабліва ўрачыстым святам у каталіцкім Касцёле на ўсім свеце.

     З 1955 г. – святога Юзафа ўшаноўваюць як апекуна працаўнікоў. Святога Юзафа ўшаноўваюць таксама як апекуна бацькоў і як апекуна добрай смерці.

Амэн.

СВЯТАСЦЬ ЮЗАФА З НАЗАРЭТА

(Урывак з доктарскай працы)

ЗНАЧЭННЕ СВЯТАСЦІ ЮЗАФА Ў ЖЫЦЦІ КАСЦЁЛА

2. Апякун Касцёла

     Асоба святога Юзафа пастаянна згадваецца ў выказваннях папаў апошніх стагоддзяў. Такі факт у пэўнай ступені можа сведчыць пра тое, што гэты святы жыве ў Касцёле. Гэту ісціну прыгадвае паміж іншых папа Ян ХХІІІ у апостальскім лісце, скіраваным да біскупаў і вернікаў усяго Касцёла. Папа звяртае ўвагу на тое, што святы Юзаф заўсёды жыў у ценю Сына Божага, але знакі часу выклікалі ў людскіх сэрцах патрэбу рэалізацыі святасці на ўзор св. Юзафа. У сваім лісце папа звяртаецца да найважнейшых выказванняў сваіх папярэднікаў пра св. Юзафа.

     Ён прыгадвае, што сярод розных прапановаў, якія далі Пію ІХ айцы І Ватыканскага Сабору (1869-1870), дзве першыя датычылі св. Юзафа. 8 снежня 1870 г. папа Пій ІХ, выконваючы пажаданні айцоў Сабору, пры пасрэдніцтве Святой Кангрэгацыі Абрадаў, дэкрэтам Quemadmodum Deus Josephum абвясціў св. Юзафа апекуном Касцёла. Гэты тэкст Святой Кангрэгацыі Абрадаў, зацверджаны папам, не азначае, што раней такі тытул яму не належаў; гэтаксама, як кананізацыйны дэкрэт не дадае слугу Божаму святасці, якой ён раней не меў. Пій ІХ не надаў св. Юзафу новай годнасці, ані таксама не наклаў на яго новага абавязку - абвясціў толькі Касцёлу пасланніцтва, якое перад тым ужо існавала. Наступнік жа Пія ІХ папа Леў ХІІІ прысвячае св. Юзафу месяц сакавік і заахвочвае, каб маліліся праз яго заступніцтва і наследавалі ягоныя дабрадзейнасці. «У сучасную эпоху на вялікую радасць тым, хто любіць Касцёл і людскія душы, і добра ведае патрэбы гэтага часу, Пій ХІІ устанавіў у 1955 г. на 1 мая гадавую ўрачыстасць у гонар св. Юзафа Працаўніка». А Ян ХХІІІ абвясціў св. Юзафа апекуном ІІ Ватыканскага Сабору.

     Прапаведнікі тлумачылі вернікам, што для таго, каб правільна разумець значэнне і важнасць тытулу, якім папа абдараваў галаву Святой Сям'і, трэба ведаць тэалагічны сэнс слова «апякун». Апякун - гэта заступнік, абаронца ў сэнсе духовым і часавым. Адзін з прапаведнікаў гаворыць, што Бог абдараваў Юзафа вялікім даверам, паколькі аддаў яму ў апеку свайго Сына. Паверыў Юзафу таксама Касцёл, які «(...), праўда, мае абяцанне Хрыста, што брамы пякельныя яго не перамогуць (Мц 16, 18), але разам з тым мае і папярэджанне: На свеце гора мець будзеце(Ян 16, 33), зрэшты, так, як яго меў і Хрыстус. І так, як св. Юзаф надзвычай аддана ахоўваў Езуса ад пераследу, так і цяпер з такой жа адданасцю ён ахоўвае Святы Касцёл ад варожых пастак і ўсялякіх бедаў».

     Апякун таксама з'яўляецца ўзорам жыцця, які найбольш адпавядае нашым схільнасцям, нашаму тэмпераменту. Гэты святы заахвочвае браць прыклад з яго паводзінаў, наследаваць стыль ягонага жыцця. У штодзённых слабасцях чалавек можа адкрываць для сябе, што не ў стане наследаваць св. Юзафа, і тады ён павінен звяртацца да яго па дапамогу. «Толькі тады зможам шчыра і дзейсна маліцца да св. Юзафа: святы Юзэфе, муж справядлівы, будзь нашым правадніком, благаславі не толькі працу нашых рук, але стань з намі ў ахове кожнага дзіцяці. Як ацаніў ты Хрыста, так апякуйся і намі, як часткаю Касцёла».

     У новай прэфацыі пра святых добра раскрыты сэнс слова «апякун»: «У іх жыцці даеш нам прыклад, у паяднанні з імі - сям'ю, а ў іх заступніцтве - апору». ІІ Ватыканскі Сабор, гаворачы аб наследаванні, аб абдараванні пашанаю і заступніцтве ў небе, прысвячае гэтаму пытанню ўвесь сёмы раздзел дагматычнай Канстытуцыі аб Касцёле. Таму трэба згадзіцца з тым, што апякун выконвае функцыі айца, а яго падапечныя - ягоныя духовыя дзеці». Паміж імі ўзнікае своеасаблівае духоўнае паяднанне. Іх унутраныя сувязі павінны вызначацца шчыраю, поўнаю адданасці любоўю.

     Аснову апякунства св. Юзафа над Касцёлам растлумачыў сам папа Пій ІХ, кажучы, што св. Юзаф - сапраўдны муж Марыі і дзявічы айцец Езуса, а гэта робіць яго галавою Святой Сям'і і пацвярджае змест паведамленняў анёла, аб'яўленых св. Юзафу: у сувязі з уцёкамі ў Егіпет (пар. Мц 2, 13), альбо з вяртаннем у Ізраіль (пар. Мц 19-20), у зямлю галілейскую (пар. Мц 22). Ідучы за Піем ІХ, папа Леў ХІІІ у энцыкліцы Quamquam pluries ад 15.VІІІ.1889 г. напісаў, што Дом Божы, якім кіраваў св. Юзаф, як бы айцоўскаю ўладаю ўтрымліваў у сабе пачаткі Касцёла, які нараджаўся (initia exorientis Ecclesiae continebat). Адсюль Найсвяцейшая Панна, будучы Маці Езуса Хрыста, з'яўляецца таксама Маці ўсіх хрысціянаў, якіх нарадзіла на Кальварыі ў часе страшнай мукі Адкупіцеля. Езус Хрыстус ёсць як бы першародным усіх хрысціянаў, якія сталі Яго братамі праз адаптацыю і адкупленне. Такія асноўныя аргументы, дзякуючы якім благаславёны Патрыярх лічыцца тым, каму асаблівым чынам давераны ўсе хрысціяне, што ўтвараюць Касцёл, як тая вялікая сям'я, што жыве на ўсёй зямлі, над якою св. Юзаф як сужонак Марыі і бацька Езуса Хрыста мае пэўную бацькоўскую ўладу. Таму натуральна, каб св. Юзаф абняў цяпер сваім нябесным апякунствам Касцёл і бараніў яго, гэтаксама як калісьці ён клапаціўся аб патрэбах сям'і з Назарэта і атуляў яе сваёю святою апекаю.

     У казаннях часта з'яўляецца думка аб тым, што, каб зразумець апякунства св. Юзафа над Касцёлам, трэба ўспрымаць Сям'ю з Назарэта як калыску і зародак Касцёла, альбо як зародкавую клетку Містычнага Цела, у якім жылі новы Адам (Езус) і новая Ева (Марыя). Святы Юзаф быў бачнаю галавою Сям'і, ахоўнікам, апекуном, кіраўніком і карміцелем. У гэтым сямейным назарэтанскім цяпельцы прысутнічала ўсё адкупленае чалавецтва гэтаксама, як плод прысутнічае ў кветцы, бы ў зародку. Паколькі Юзаф быў галавою Святой Сям'і, ён стаў апекуном усяго Касцёла. Гэтыя факты сведчаць пра тое, што Бог атуліў св. Юзафа асабліваю любоўю, дзелячыся з ім (у пэўным сэнсе) сваім айцоўствам. Яму Бог прадвызначыў апеку над усімі дзецьмі Божымі. Сям'я, для якой св. Юзаф з'яўляецца апекуном і ахоўнікам, - гэта ўвесь Касцёл на працягу вякоў. Хрыстус як духовы Сын св. Юзафа - разам з тым Галава Касцёла, які складае Яго Містычнае Цела. Таму само па сабе зразумела, што св. Юзаф захаваў гэту функцыю, якую, па волі Божай, ён выконваў у адносінах да зародка Містычнага Цела, і што ён абняў сваім апякунствам увесь люд Божы.

     Каб поўнасцю зразумець пасланніцтва св. Юзафа ў адносінах да Касцёла, трэба ўсведамляць факт існавання двух вымярэнняў апякунства: асабістага, якое грунтуецца на атрыманай ад Бога асаблівай ласцы альбо на прынцыпе харызмату, што заўсёды ўдзяляецца для супольнага дабра, напрыклад, для законнага жыцця. Адсюль паходзіць даўні звычай вызначэння апекуна, напрыклад, людзям пэўных прафесій: адвакатам, маракам, артыстам, цеслям і г.д. Калі глядзець з гэтай пазіцыі на св. Юзафа, то ён з'яўляецца апекуном асобаў шматлікіх катэгорый: працаўнікоў, падарожных, пілігрымаў, выгнаннікаў, рэпрэсаваных, выхавацеляў, паннаў, хворых, убогіх, паміраючых, асобаў, якія знаходзяцца ў складаных жыццёвых сітуацыях. Святы Юзаф - апякун таксама святароў, місіянераў, законнікаў і законніцаў, бо ўсе яны ўтвараюць адну супольнасць Касцёла.

     Прапаведнікі, падаючы прыклад людзей, якія абралі сабе апекуном св. Юзафа і маліліся праз яго заступніцтва да Бога, часцей за ўсё называлі Тэрэсу з Авіля, якая пісала: «Уражвае, наколькі вялікія справы ўчыніў для мяне Бог праз гэтага хвалебнага святога, з колькіх небяспекаў мяне выбавіў. Іншым святым, можна сказаць, Бог даў ласку падтрымкі для нас у той альбо іншай патрэбе, гэтаму ж хвалебнаму святому, як я ведаю з уласнага вопыту, даў уладу падтрымкі нас ва ўсім. Пан хацеў нас праз гэта запэўніць, што так, як Ён быў падданы св. Юзафу - свайму апекуну і названаму айцу, які меў права Яму загадваць на зямлі, так і ў небе чыніць усё, аб чым толькі св. Юзаф Яго ні папросіць. Пераканаліся ў гэтым таксама іншыя, каму я раіла звярнуцца да яго, і ўсё больш ёсць такіх, хто яго ўшаноўвае і кліча на дапамогу, спазнаючы на сабе гэту праўду».

     У святле прыведзенай цытаты становіцца зразумела, што Тэрэса з Авіля абрала св. Юзафа таксама галоўным апекуном зрэфармаванага ёю кармэлітанскага закону.

     Падобна зрабіў св. Францішак Салезы і св. Вінцэнты а Паулё, абіраючы св. Юзафа апекуном сваіх законных супольнасцяў.

     Ян Боска даў св. Юзафа апекуном для сваёй рамеснай моладзі, а св. Леанард Мурыальдо заснаваў новую законную сям'ю св. Юзафа (юзафітаў). (...)

     Місія св. Юзафа задумана Богам у плане Касцёла. Так, як ён калісьці забяспечваў жыццёвыя ўмовы Сыну Божаму, так у Ягоным Касцёле клапоціцца пра духовыя справы дзяцей Божых. Гэтаксама як Марыя з'яўляецца духоваю Маці Касцёла, так і св. Юзаф - ягоны апякун і айцец. Святы Юзаф, поруч з Марыяй, пакліканы да паслугі Уцелаўлёнаму Слову. Юзаф у цеснай сувязі з Марыяй, сапраўды пакорны і найбольш схільны выконваць функцыю апекуна ўсяго Касцёла. Ён - апякун люду Божага, ахоўнік, заступнік і клапатлівы праваднік, узор і паўсюдны абаронца - адным словам, - духовы айцец усіх тых, хто імкнецца да Нябеснага Валадарства. Ягонае пасланніцтва цесна звязана з самым пачаткам таямніцы Хрыста і працягваецца ажно да нашага часу праз яго паўсюднае апякунства над Касцёлам. У пасланніцтве св. Юзафа - рэалізацыя плану любові Божай у адносінах да чалавека. Святы Юзаф выканаў асаблівую місію - упадабніўся самым дасканалым чынам да Найсвяцейшай Панны Марыі, а гэта ў сваю чаргу ўчыніла яго супрацоўнікам Хрыста дзеля дабра ўсяго Касцёла.

Кс. бп. Уладіслаў БЛІН

Іконы і карціны св. Юзафа

Остальные фотографии на Я.Фотках

Абраз і карціны св. Юзафа

Остальные фотографии на Я.Фотках

ВЯНОЧАК НА ЎШАНАВАННЕ СВЯТОГА ЮЗАФА

(чытаецца на ружанцы)

На крыжыку:

Вітаю Цябе, святы Юзэфе, поўны Божай ласкі, благаславёны ты сярод мужоў і благаславёны плод улоння найсвяцейшай тваёй Абранніцы, Езус. Святы Юзэфе, Апякун Дзіцятка Езуса і Абраннік Беззаганнай Панны, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў хвіліну смерці нашай. Амэн.

На вялікіх пацерках (замест «Ойча наш...»):

Езус, Марыя, Юзэфе святы, вам аддаю сэрца, цела і душу маю.
Езус, Марыя, Юзэфе святы, будзьце са мною  падчас канання.
Езус, Марыя, Юзэфе святы, няхай пры вас у супакоі аддам душу Богу.

На малых пацерках (замест «Вітай, Марыя ...»):

Святы Юзэфе, сябра Сэрца Езуса, маліся за нас.

На заканчэнне:

Тваёй абароне аддаемся, святы Юзэфе, прыёмны бацька Уцелаўлёнага Божага Сына. У нашых патрэбах не пагарджай маленнем нашым. і ад усялякай злой прыгоды выбаўляй нас заўсёды, ойча хвалебны і благаслаўлёны. Ты апякун наш, суцяшальнік наш, заступнік наш, са сваім Сынам Езусам нас паяднай, Сыну свайму нас даручай, наймілейшаму Сыну свайму нас аддавай.

С.: Маліся за нас, святы Юзэфе.

Усе: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.

Молімся. Просім Цябе, Пане Езу, каб мы, падтрыманыя заслугамі святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Тваёй Маці, па яго прыкладзе і праз яго заступніцтва атрымалі тое, што ўласнымі просьбамі выпрасіць не можам. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

С.: Няхай будзе благаслаўлёнае імя святога  Юзафа.

Усе: Цяпер і навекі.

МАЛІТОЎНЫЯ ЗВАРОТЫ ДА СВЯТОГА ЮЗАФА

(Для прыватнага чытання)

Святы Юзэфе, учыні, каб Езус прыйшоў у маю душу і асвяціў мяне.
Святы Юзэфе, учыні, каб Езус прыйшоў у маё сэрца і зрабіў яго велікадушным.
Святы Юзэфе, учыні, каб Езус прыйшоў у мой розум і асвяціў яго.
Святы Юзэфе, учыні, каб Езус распараджаўся маёю воляю і ўмацоўваў яе.
Святы Юзэфе, учыні, каб Езус кіраваў маімі думкамі і ачышчаў іх.
Святы Юзэфе, учыні, каб Езус распараджаўся маімі жаданнямі і выпраўляў іх.
Святы Юзэфе, учыні, каб Езус благаславіў мае справы.
Святы Юзэфе, учыні, каб Езус абудзіў ува мне любоў да сябе.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса, каб я наследаваў твае цноты.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса сапраўдную пакору духа.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса лагоднасць сэрца.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса супакой душы.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса святую боязь Божую.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса прагу дасканаласці.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса лагоднасць характару.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса чыстае і міласэрнае сэрца.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса здольнасць удасканальвацца ў цярпеннях.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса мудрасць веры.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса благаславенне для вытрымкі ў добрых учынках.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса сілу для нясення майго крыжа.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса свабоду ад матэрыяльных дабротаў гэтага свету.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса ласку заўсёды ісці вузкаю сцежкаю ў Неба.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса ласку пазбягаць усялякай нагоды грашыць.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса святую прагу вечнага шчасця.
Святы Юзэфе, выпрасі для мяне ў Езуса ласку вытрываць да канца.
Святы Юзэфе, не пакідай мяне.
Святы Юзэфе, учыні, каб маё сэрца ніколі не пераставала цябе любіць,
        а мае вусны — праслаўляць цябе.

Святы Юзэфе, праз тваю любоў да Езуса  ўчыні, каб я, гэтак як і ты, любіў Яго.
Святы Юзэфе, прымі мяне як свайго  адданага слугу.
Святы Юзэфе, аддаюся табе, выслухай мае  просьбы і пачуй маленне маё.
Святы Юзэфе, не пакінь мяне ў хвіліну маёй смерці.
Езус, Марыя, святы Юзэфе, вам прысвячаю маё сэрца і маю душу.

(3 разы — «Хвала Айцу...»)

МАЛІТВЫ ЦУДОЎНЫЯ СЛОВЫ

          Нашы сучасныя сем'і церпяць вельмі шмат выпрабаванняў. Часам жыццёвыя буры настолькі жорсткія і моцныя, а хвалі нягодаў такія агромністыя, што карабель, назва якому сям'я, пачынае хістацца ды пагрозліва трашчаць - вось-вось рассыплецца. Дзе шукаць тады паратунак? Як зберагчы тое, што ў свой час благаславіў сам Бог? Можа, варта тады прыгадаць, што мы маем у небе цудоўнага, надзейнага апекуна, таго, які сумеў у свой час зберагчы сваю сям'ю?

Святы Юзаф. Гэта ён у хвіліны цяжкіх выпрабаванняў даверыў найцяжэйшыя справы сваёй сям'і Пану Богу. У яго мы можам вучыцца сапраўднай паслухмянасці, разважлівасці, мудрасці. А таму ў часе суровых выпрабаванняў звернем свае сэрцы да апекуна нашых сем'яў, папросім у яго заступніцтва і ўдзелу ў нашых няпростых справах.

 МАЛІТВА ДА СВЯТОГА ЮЗАФА

 Святы Юзэфе!

Твая ўлада над Езусавым сэрцам чыніць так, што найцяжэйшыя справы, давераныя табе, становяцца лёгкімі для вырашэння.

Просім цябе: ласкава ўзглянь на нашыя патрэбы, прыдзі да нас з дапамогай, суцеш у нашым смутку, боязі, клопаце і болю. Аддалі ад нас, мілы ойча, усялякія небяспекі, што пагражаюць нам. Вазьмі пад сваю літасцівую апеку нашае жыццё, наш дом, нашыя справы і ўсё, што мы даручаем тваёй моцнай апецы. Пакажы нам, святы Юзэфе,які ты добры да тых, што назаўсёды прагнуць застацца тваімі вернымі слугамі.

Святы Юзэфе, ойча і апякун нашай сям'і, заступіся за нас. Амэн.

Обратная связь

Имя отправителя *:
E-mail отправителя *:
Тема письма:
Текст сообщения *:
Код безопасности *:

Бесплатный конструктор сайтов - uCoz